зямлі. Хто напачатак узяўся і ўзмацнеў, той лепш жыў, а іншыя –
няважна.
Каля вёскі рэчка Уснарка праплывала. Былі ў ёй ракі, сліжы і келбы,
але мала. Быў і луг, у якім карасі жоўтыя вадзіліся, якіх жыды аж рвалі
ад нас. Тыя карасі ў 1948 годзе вымерзлі; тады сухая восень была і
мароз вымаразіў іх. Пры санацыі тых карасёў смажылі і на іх уху
варылі.
Бародзіч Яўгенія (в. Піражкі):
[...] Хату наша сям’я паставіла ў 1929 годзе.
Ніжнюю вопратку шылі краўчыхі; блузкі шылі жыды ў Крынках.
Былі краўцы, што па хатах з машынамі ездзілі, шылі пальтоцікі,
камізэлькі, нагавіцы, летнікі і курткі з даручанага матэрыялу. Дахаты
прывозіў краўца той, што многа шыць патрабаваў. У Піражкі
прыязджаў кравец з Гаркавіч або яму дахаты матэрыял насілі.
Валёнкі білі па вёсках, каля нас у Сукавічах, і прадавалі на рынку.
Галёшы куплялі, а пры немцах ляпілі з камер. Старэйшыя ў
дзераўляных хадачках хадзілі, абабітых, з цёплым сподам. Жанчыны
куплялі чаравікі з халяўкамі. Панчохі тонкія з воўны былі: купныя і
робленыя. Сягалі яны за калені і падвязвалі іх гумкаю або падвязкаю,
але падвязка не трымалася. А як прыходзіла вясна, тады ўсе хадзілі
басанож. Усе так жылі і не ведалі іншага жыцця.
Бульбу трымалі ў скляпах каля хаты і ў ямах, што далей і вышэй
былі; ніхто бульбы не краў. Збожжа трымалі ў стадолах у мяшках;
засекаў не было. Хлеб самі пяклі. За вёскай быў млын, і ў Крынках – на
дровы, бо метры каля млыноў ляжалі. Хлеб пяклі на лапаце, на лісце
капусты або дуба, спярша падсыпаўшы мукою, каб не прыліпаў. У
бляхах сталі пячы толькі пры саветах.
У хаце была падлога, а куточак каля пліты быў выкладзены цэгламі,
каб не брудзілася. Печ цагляная была, а варылі на пліце. У ежу кідалі
соль, якую ў Крынках у жыдоў у торбачках куплялі. Кідалі таксама
бабковае лісце, перац, цыбульку, часнок.
Грыбы збіралі, калі на сенажаць пад лес ездзілі. А па апенькі ездзілі
спецыяльна. Ягад мы не збіралі – ягады нам прывозілі з бедных вёсак і
на бульбу мянялі. Самыя нашы толькі дзецям крыху ягад з ягадніком
прывозілі. Садавіны мала было, найбольш дзічак. Крыху чарнасліву
дробнага было, а ў некаторых то і вялікія сады былі.
Елі кашу грэцкую, крупяную і з проса. І з бульбы ўсё гатовілі:
аладкі, кішку і бабку. Варылі не толькі суп, як цяпер, бо сям’я вялікая
была. З гародніны вырошчвалі агуркі, моркву, фасолю, гарох, сачэўку,
толькі памідораў мала было. Сачэўку жыды вельмі любілі, а мы з
сачэўкі суп варылі – да бульбы прысыпалі. Усё смачнае было, бо адзін
перад адным елі.