Тата ў Саколцы купіў цялушку за 76 мільёнаў і з яе разгадоўвалі
кароў сабе і дзядзьку. Тыя каровы да 1940 года трымаліся, бо з добрай
каровы былі разведзены. Кабылу ў Саколцы купілі, вадзілі да жарабца і
гадавалі коней. Як дзяліліся, то ў нас маладая кабыла асталася, а старую
дзядзька забраў. Як кабыла прывяла жарабя, то яго ўжо пасля года
запрагалі. Як павярталіся з Расіі, ніхто пары коней не меў, то спрагаліся.
У маіх бацькоў замнога зямлі было для супрагі, то трымалі пару коней.
Пасля і тата, і дзядзька разводзілі коней; за жарэбчыка можна было тры
каровы купіць. Усё нажывалі, разгадоўвалі, і так жылі.
Зямля ў нас была маміна і татава. Тата з дзядзькам падзялілі сваю
бацькаўшчыну; дзядзька ўзяў больш, бо яшчэ на цётку Маню. Тата з
мамай у Макараўцах купілі гектар сенакосу; сенажаць была і па
маміным бацьку.
Падставовай ежай былі хлеб і бульба. Вясною, як кароў даілі, было
малако і малочнае. Свінога мала было, бо свіней прадавалі на грошы.
Аднаго паршука на год білі, а былі і такія, што аднаго на два або тры
гады білі. Было многа авечак, то восенню ягнят рэзалі. Варылі капусту,
пяклі буракі і з квасам елі. Канаплянае семя малолі і суп варылі. У пост
з жытняй мукі і тоўчанай бульбы сухары пяклі на вымеценым чаране.
Бацькі мае рэлігійныя былі і ў пост не давалі нават малака есці. На
Каляды, Пасху і Сёмуху пяклі пірагі. На найбольшае свята, Вялікдзень,
парылі кумпяк, красілі яйкі. Мама рабіла макароны.
Апраналіся ў адзенне свае работы. Мама прала воўну на шкарпэткі,
рукавіцы, світэры, панчохі. Абуваліся як папала. Вясною ніхто ніколі не
абуваўся. Я басанож араць у поле хадзіў. Яшчэ бульбу босыя выбіралі.
А ад Пакровы хто ў чым меў хадзілі. Мой тата ў хадаках хадзіў. А на
зіму, пад астатак ужо, стараліся рабіць валёнкі. У школу бацькі дзецям
чаравікі куплялі. Чаравікі куплялі ў Крынках, бо там поўна шаўцоў
было. А валёнкі качалі па вёсках. Валёнкі былі дваякія: цвёрдыя, на
вялікія маразы – іх пад Залукамі рабілі, і мяккія, для якіх галёшы ў
Крынках куплялі.
Усё ў Крынках куплялі, а ў Саколку толькі коней прадаваць вадзілі.
У Крынках прадавалі ўсё ў чацвер, бо тады там вялікі торг быў. Коней і
кароў мужык мужыку прадаваў. А кормных, выбракаваных і птаства
жыды на мяса куплялі. І цыбулю, мак, гарох, сачэўку і яйкі жыды
куплялі. Жыды складалі трэць жыхароў Крынак. Мелі яны каля дзесяці
гарбарняў. Займаліся яны рамяством, а толькі два жыды, браты,
гаспадарку абраблялі.
Зямля ў нас добрая была, але лесу і сена не было, а гэта з’яўлялася
вялікім тормазам для развіцця вёскі. Лес быў далёка – у Сасновіку і
Копнай Гары. Бярвенне на стадолу тата вазіў аж з Чалнова каля
Супраслі; амаль трыццаць кіламетраў. Заробкаў ніякіх не было, толькі з