групоўкі –- разнатраўна-злакавыя, злакава-дробнаасаковыя, радзей сітавыя; злакі
–- мятліца белая, метлюжок, аўсяніца лугавая, вострыца; асокі –- звычайная, пра-
сяная, жоўтая і дзірваністая; разнатраўе –- ракавыя шыйкі, падвей шматкаласко-
вы, казяльцы, маруна. Часта нараўне з травамі багата развіты зялёныя імхі.
Травастоі поймавых лугоў складзены буйнымі злакамі з вялікай удзельнай
вагой асок і сітавых, нешматлікімі бабовымі раслінамі і амаль поўнай адсутнасцю
мохавага покрыва. У пойме Нёмана пераважаюць разнатраўна-дробназлакавыя
лугі з мятліцай тонкай, пахучым каласком і сіўцом.
Балотная расліннасць адрозніваецца своеасаблівым комплексам. Найбольш
багатая расліннасць нізінных балот, якая прадстаўлена ляснымі, кустовымі,
травянымі і мохавымі асацыяцыямі. Лясныя асацыяцыі нізінных балот складзены
бярозавымі, чорнаалешнікавымі, саснова-бярозавымі, радзей яловымі лясамі і на-
земным покрывам з гіпнавых асок і сфагнавых імхоў. Вярховыя балоты
прадстаўлены ляснымі і бязлеснымі кусцікава-падвейна-сфагнавымі асацыяцыямі.
Лясная расліннасць складзена з сасны вышынёй ад 2 да 8 м. У кусцікавым ярусе
распаўсюджаны падбел, багун, буякі, іншы раз верас, карлікавая бяроза. Па сфаг-
навым дыване растуць журавіны, расіца, вадзяніца, падвей похвенны.
23.3. КЛАСІФІКАЦЫЯ І ХАРАКТАРЫСТЫКА ТЫПАЎ ГЛЕБАЎ БЕЛАРУСІ
Першыя звесткі аб класіфікацыі глебаў Беларусі з'явіліся ў працы прафесара
В. Г. Касаткіна “Аб глебах Беларусі”, надрукаванай у 1923 г., у якой паказана,
што для рэспублікі занальнымі глебамі з'яўляюцца падзолістыя. Ступень
ападзоленасці іх звязана з грануламетрычным складам і ўмовамі залягання па
рэльефу. Пры гэтым моцна- і сярэднепадзолістыя глебы былі вылучаны на
сугліністых пародах, на супясчаных і пясчаных, якія падсцілаюцца марэнным
суглінкам, –- глыбока ападзоленыя, а на магутных пясках –- скрытападзолістыя
(“баравыя глебы”).
Я.Н.Афанасьеў (1926) на аснове абагульнення матэрыялаў рэкагнасцы-
ровачных глебавых даследаванняў адзначае, што на ўсіх павышаных участках
рэльефу сфарміраваліся падзолістыя глебы. У залежнасці ад грануламетрычнага
складу глебаўтваральных парод яны падзяляюцца на слаба-, сярэдне- і
моцнападзолістыя. Я. Н. Афанасьеў, Г. І. Пратасеня, А. Г. Мядзведзеў у сумес-
най працы (1933), прысвечанай аграхімічнай характарыстыцы глебаў Беларусі, ад-
значаюць, што фарміраванне глебаў рэспублікі адбываецца пад уздзеяннем дзяр-
нова-лугавога, падзолістага, балотнага і саланчаковага працэсаў.
У падрыхтаванай пад рэдакцыяй І. С. Лупіновіча і П. П. Рагавога манаграфіі
(1952), якая падагульняе глебавыя даследаванні за мінулыя 25—30 гадоў, вылуча-
ецца шэсць тыпаў глебаў –- дзярновыя, дзярнова-падзолістыя, забалочаныя,
дзярнова-балотныя, тарфяна-балотныя, алювіяльна-лугавыя. Сярод іх найбольш
поўна ахарактарызаваны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалоча-
ныя глебы, якія сфарміраваліся пад уплывам занальных працэсаў глебаўтварэння.