Са спадчыны Кліма да нашага часу дайшоў, на жаль, толькі адзін твор - «Пасланне
прасвітару Хаме», які вызначаецца жывым, эмацыйным выкладам думак, насычаны
прыпавесцямі, адметнымі каментарамі Бібліі.
Клім быў адным з найадукаванейшых людзей свайго часу. Ён выдатна ведаў
антычную культуру, творы Гамэра, Арыстотэля, Плятона, меў глыбокія веды ў
багаслоўскай - грэцкай і рымскай - літаратуры. Летапісец назваў яго кніжнікам і
філосафам, якіх не было дагэтуль у нашай зямлі.
Таленавіты пісьменнік і педагог, Клім стаў заснавальнікам цэлай літаратурнай
школы. Сярод яго вучняў і паслядоўнікаў - выдатны красамоўца і мастак-
іканапісец Аўрам Смаленскі, аўтар шматлікіх духоўных словаў і павучанняў.
Нарадзіўся Аўрам у арыстакратычнай сям'і. Яшчэ змалку вызначаўся
рознабаковымі здольнасцямі. Пасля смерці бацькоў, раздаўшы сваю маёмасць
цэрквам, манастырам і бедным людзям, юнак стаў манахам Селішчанскага
манастыра, дзе сабраў вакол сябе гурток кніжнікаў.
Займаўся літаратурнай працай, перапісваў і распаўсюджваў кнігі, імкнуўся, каб
яны былі зразумелымі і даступнымі для ўсіх. Дзеля гэтага ён тлумачыў
незразумелыя словы, ілюстраваў свае кнігі мініяцюрамі. Шмат зрабіў для росквіту
грэцка-лацінска-славянскай акадэміі, закладзенай князем Расціславам, дапамагаў
фармаваць кнігазбор гэтай славутай навучальнай установы.
Нямала здзекаў і пакут давялося зазнаць Аўраму ад сваіх незычліўцаў. Але яго
высокая адукаванасць, незвычайная працаздольнасць і самаахвярнасць (сучаснікі
называлі яго Аўрамам Працавітым) прынеслі яму ўрэшце ўсеагульнае прызнанне.
Памёр на пачатку 20-х гадоў ХІІІ стагоддзя.
13. Ці была ў Беларусі мангола-татарская няволя?
Пасля ўтварэння на пачатку ХІІІ стагоддзя Мангольскай дзяржавы ў выніку
захопніцкай палітыкі Чынгісхана і ягоных нашчадкаў былі паняволеныя народы
Сібіры, Паўночнага Кітая, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Малой Азіі, Блізкага Ўсходу.
У 1236-1243 гадах былі заваяваныя велізарныя абшары Ўсходняй і Цэнтральнай
Эўропы, у тым ліку расейскія і ўкраінскія княствы, спустошаныя землі Малой
Польшчы, Вугоршчыны, Маравіі, Славакіі, Чэхіі, Букавіны, Малдовы, Румыніі,
Далмацыі, Балгарыі... Мангольскія ханы стварылі найвялікшую імперыю ў гісторыі
свету, яны арганізоўвалі ваенныя экспедыцыі ў Эгіпет, Паўднёва-Ўсходнюю Азію,
Японію, на востраў Яву...
Беларусь не была паняволеная мангола-татарамі. Захаваліся паданні пра
пераможныя бітвы нашых продкаў з імі пад Койданавам у 1249 годзе, каля
Магільны, над Акунёўкаю, але гэта хутчэй за ўсё легендарныя звесткі, якія трапілі
на старонкі летапісаў значна пазней, у ХVІ стагоддзі. Беларусы змагаліся з татара-
мангольскімі наездамі ў 1259, 1275, 1277 гадах. Аднак гэта былі менавіта наезды,
уварванні. Беларусь ніколі не падпарадкавалася Залатой Ардзе, ніколі не ведала
азіяцкай няволі. Тэрміны «мангола-татарскае нашэсце», «мангола-татарскае іга»,
«дамангольскі перыяд» і г.д. у дачыненні да беларускай гісторыі надуманыя. Тут у
адрозненне, скажам, ад расейскіх земляў, якія 240 гадоў уваходзілі ў склад Залатой
Арды, натуральны працэс гістарычнага развіцця не парушаўся, дзякуючы чаму,
напрыклад, яшчэ стагоддзямі жыло веча - інстытуцыя сярэднявечнай дэмакратыі,
тым часам як у Маскоўскай дзяржаве ўсталявалася азіяцкая дэспатыя.
У беларускай гісторыі ёсць слаўная старонка, якая да апошняга часу замоўчвалася.
Задоўга да хрэстаматыйна вядомай Кулікоўскай бітвы, яшчэ ў 1362 годзе, войска
Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Альгерда разбіла каля Сініх Водаў