з радцамі, развязваў цывільныя справы. Гарадская рада і лава разам складалі
магістрат.
Атрыманне горадам магдэбургскага права вылучала яго з мясцовай феадальна-
адміністрацыйнай сістэмы, падпарадкоўваючы вялікаму князю. Статус ягоных
жыхароў істотна падвышаўся: яны станавіліся вольнымі, набывалі права на
зямельную ўласнасць, вызваляліся амаль ад усіх феадальных павіннасцяў -
нарыхтоўкі сена, выдзялення фурманак і інш., якія неслі дагэтуль разам з сялянамі
воласці, ад суда і ўлады дзяржаўных службовых асобаў. Дазвалялася рабіць у
горадзе ратушу, мець крамы, мануфактуры, загадваць вагамі і мерамі, будаваць
млыны, лазні і г.д. Прадугледжваліся і пэўныя гандлёвыя льготы. Так, мяшчане
Вільні, Полацка і некаторых іншых гарадоў з магдэбургскім правам вызваляліся ад
мыта на тэрыторыі ўсёй нашай дзяржавы. Гарады з магдэбургскім правам - Менск,
Полацак, Магілеў адрозна ад звычайных гарадоў мелі права двойчы на год
праводзіць міжнародныя кірмашы, прычым прыезджыя купцы (а яны, дарэчы, былі
з усяе Эўропы) мусілі прадаваць тавар толькі оптам, ад чаго горад меў значную
выгаду.
Гаспадар і ўрад Вялікага Княства ўсяляк заахвочвалі гарады да самакіравання, бо
былі непасрэдна зацікаўленыя ва ўмацаванні іх эканамічнага становішча: чым
багацейшы быў горад, тым болей падаткаў ён уносіў у дзяржаўны скарб. Апрача
таго, жыхары гарадоў з магдэбургіяй наўзамен дараваных палітычных і
грамадзянскіх свабод ускладалі на сябе дадатковыя абавязкі, у прыватнасці
рамантаваць і паднаўляць за свой кошт абарончыя ўмацаванні.
Магдэбургскае права праіснавала ў нас да канца ХVІІІ стагоддзя і было
зліквідаванае пасля анексіі Беларусі Расейскай імперыяй.
35. Што такое шляхта?
Гэтак называўся вайсковы стан (саслоўе) у Беларусі з ХV стагоддзя. Слова шляхта
паходзіць ад нямецкага Schlacht, што азначае «бітва». Папярэднікамі шляхты былі
баяры - панцырныя, путныя, конныя. Беларускі баяр валодаў агнястрэльнай і
халоднай зброяй, меў баявога каня і вайсковы рыштунак, каб у кожны момант па
закліку князя выступіць у паспалітым рушанні ў «пагоню» і гнаць ворага з роднае
зямлі. Багацейшы баяр (шляхціч) прыводзіў з сабою і збройную дружыну.
Шляхта нашая з ХVІ стагоддзя мела права на самакіраванне, выбірала соймы,
суддзяў, трыбунал і кіраўніка дзяржавы - вялікага князя. Амаль усё ў нашай
гісторыі, што мае дачыненне да вайсковых перамогаў, дыпламатычных поспехаў,
навукі і культуры, літаратуры і асветніцтва, - звязана з імем шляхты. Паколькі
ваяваць нашай дзяржаве даводзілася вельмі часта, колькасць шляхты ў нас да канца
ХVІІІ стагоддзя дасягнула 12-13% агульнага ліку насельніцтва.
Пасля захопу Беларусі царскай імперыяй пачалося мэтанакіраванае
«расшляхочванне» нашага народа. Бо адбываліся бесперапынныя бунты, змовы і
паўстанні супраць расейскага панавання, арганізатарамі і асноўнымі ўдзельнікамі
якіх былі шляхцічы (Тадэвуш Касцюшка, Якуб Ясінскі, Стафан Грабоўскі, Тамаш
Ваўжэцкі, Міхал Валовіч, Кастусь Каліноўскі, Валер Урублеўскі ды іншыя). Як
вынік - масавыя высылкі, пазбаўленне «дворянства», суды і расправы. У 1831 годзе
цар Мікалай І выдаў указ, паводле якога доказам шляхоцкага паходжання лічыліся
толькі арыгіналы прывілеяў. У Беларусі, што сотні гадоў з канца ў канец гарэла ў
полымі войнаў, зберагчы сямейныя архівы было, вядома ж, няпроста. Такім чынам
на працягу ХІХ стагоддзя царскі ўрад «скараціў» колькасць нашае шляхты да
пажаданых трох працэнтаў (каб было не болей, чым «дворян» у Расеі).