дзесяткаў пачатковых школаў, а таксама знакамітую Івейскую арыянскую
акадэмію, рэктарам якой доўгі час быў вучоны і пісьменнік Ян Ліцыній
Намыслоўскі. Годнае месца ў іхных навучальных установах займала беларуская
мова, на якой прамаўлялі казанні, пісалі кнігі. У Берасці, Нясвіжы, Венграве,
Лоску, Вільні, Уздзе, Ашмянах, Слуцку і Любчы працавалі пратэстанцкія друкарні,
дзе на працягу ХVІ-ХVІІ стагоддзяў былі надрукаваныя сотні твораў айчынных і
замежных аўтараў на беларускай, польскай, лацінскай і грэцкай мовах.
Наагул жа беларускія рэфарматы выступалі з шырокай адукацыйна-асветнай
праграмай, у аснову якой былі пакладзеныя гуманістычныя прынцыпы
гарманічнага суіснавання ўсіх грамадскіх станаў, шырокай асветы простых людзей.
У ХVІІ стагоддзі нашы рэфарматы, аднак, мусілі спыніць сваю дзейнасць, найперш
дзеля матэрыяльнай нястачы і няздольнасці канкураваць з больш моцнымі плынямі
хрысціянства. У некаторых жа іншых краінах, напрыклад Швецыі, Нарвегіі, Даніі,
Англіі, пратэстанцтва ўмацавалася і па сутнасці стала нацыянальнай рэлігіяй.
53. За што ў свеце шануюць Сымона Буднага?
Сымон Будны (каля 1530-1593) - выдатны беларускі пісьменнік, педагог, філосаф,
багаслоў і прапаведнік, імя якога ў ХVІ стагоддзі было шырока вядомае ў Англіі,
Нямеччыне, Італіі ды іншых краінах Заходняй Эўропы.
С.Будны быў надзвычай адукаваным чалавекам. Апрача роднай беларускай мовы
ён выдатна валодаў класічнай лацінай, старажытнагабрайскай, а таксама грэцкай,
стараславянскай, польскай ды іншымі мовамі, што дазваляла яму паглыбляць свае
веды ў антычных культурах, аналізаваць дасягненні Сярэднявечча, без цяжкасцяў
знаёміцца з творамі Эразма Ратэрдамскага, Марціна Лютэра, Жана Кальвіна і
іншых заходнеэўрапейскіх філосафаў і пісьменнікаў.
На працягу амаль 30-гадовай творчай дзейнасці з-пад пяра нашага славутага
асветніка выйшлі кнігі «Катэхізіс», «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам»
(Нясвіж, 1562), «Аб галоўных артыкулах хрысціянскай веры» (Лоск, 1576), зборнік
«Аб свецкай уладзе» (Лоск, 1583), пераклады Бібліі (1570, 1572, 1574), Апокрыфаў
(1570) ды іншыя.
Асабліва шырокі розгалас у свеце атрымаў ягоны пераклад Новага Запавету 1574
года. І гэта не выпадкова: ніхто з тагачасных эўрапейскіх перакладнікаў
новазапаветных твораў не рабіў дагэтуль такой велізарнай тэксталагічнай працы,
як С.Будны. Дзякуючы фенаменальным аналітычным здольнасцям беларускага
асветніка, ягонаму таленту, шырокай эрудыцыі, дасканаламу веданню
старажытных моваў навукова-крытычны ровень выдання Новага Запавету 1574
года стаўся, бадай, сама высокім сярод усіх вядомых на той час у Эўропе.
Творы Буднага мелі вялікую папулярнасць, зразумела, і сярод жыхароў Беларусі.
Ягоныя казанні з ахвотаю слухалі мяшчане Вільні, Клецка, Нясвіжа, Хоўхлава,
Заслаўя, Лоска, Любчы, Полацка, Вішнева...
Таямніца гэтакай папулярнасці твораў С.Буднага - найперш у іх гуманістычнай
скіраванасці. Наш асветнік выступаў за вызваленне чалавечага духу, за свабодную
стваральную працу. Ён заклікаў усіх грамадзянаў паважаць дзяржаўныя законы,
шанаваць бацькоўскую зямлю і матчыну мову, сумленна выконваць свае абавязкі,
урэшце, жыць паводле Божых запаведзяў.
Як гуманіст і прыхільнік разняволення чалавека, Будны крытыкаваў тыранію,
адмаўляў цэнзуру, абураўся фактамі фізічнай расправы над іншадумцамі.
З'яўляючыся прыхільнікам грамадзянскага міру і сацыяльнай гармоніі, асветнік
паўстаў супраць досыць магутнага ў ХVІ стагоддзі руху анархістаў, разбуральных