Гэта рэлігійна-культурныя і грамадскія аб'яднанні, што ўзніклі ў ХVІ-ХVІІ
стагоддзях на ўзор рамесніцкіх цэхаў амаль ва ўсіх буйных гарадах Беларусі:
Вільні (1584), Магілеве (1589), Берасці (1591), Слуцку (1606), Менску (1612),
Пінску (1633) ды іншых. Яны гуртаваліся пераважна вакол цэркваў ці манастыроў,
ад якіх і атрымлівалі свае назовы, напрыклад, Віленскае Траецкае (ад манастыра
Святой Тройцы), Пінскае Багаяўленскае (ад царквы Багаяўлення) і г.д.
У Беларусі існавалі праваслаўныя, каталіцкія і вуніяцкія брацтвы, кожнае з якіх
адстойвала інтарэсы сваёй канфесіі. Брацтвы мелі свой статут, скарбонку, сталае
месца збору. На сходзе братчыкаў абмяркоўваліся надзённыя пытанні дзейнасці
супольні, размяркоўваліся грашовыя сродкі, прымаліся абавязковыя для ўсіх
сяброў пастановы. У склад брацтваў апрача духоўных асобаў уваходзілі месцічы -
рамеснікі, купцы, урадоўцы, а таксама шляхта і нават сяляне. У розныя часы іх
сябрамі былі вядомыя дзеячы беларускай культуры - браты Стафан і Лаўрэн Зізаніі,
Мялет Сматрыцкі, Лявон Карповіч, Андрэй Мужылоўскі.
Брацтвы праводзілі шырокую дабрачынную дзейнасць: яны будавалі і ўтрымлівалі
шпіталі, прытулкі для хворых і жабракоў. На свае сродкі наймалі лекараў, якія
даглядалі нямоглых.
Вялікая роля належала брацтвам у культурна-асветніцкім жыцці. Дзякуючы ім
функцыянавала сістэма пачатковай адукацыі. Амаль усе брацкія супольні
закладвалі школы, запрашалі настаўнікаў, набывалі за свой кошт падручнікі,
паперу, абсталяванне, прылады.
Найбольш спрычыніліся брацтвы да развіцця беларускага пісьменства, літаратуры і
кнігадруку. Яны мелі свае скрыпторыумы (майстэрні, дзе перапісваліся і
аздабляліся кнігі), а таксама друкарні, сярод якіх асабліва вылучаліся Віленская
Траецкая, Куцеінская, Еўінская. Тут рыхтавалі да друку, рэдагавалі і выпускалі
слоўнікі, буквары, богаслужбовыя кнігі, палемічныя трактаты, творы айцоў
царквы, павучальныя і гістарычныя зборнікі. Кожнае з выданняў мела адметнае
мастацкае афармленне: як правіла, прыгожа аздоблены тытульны аркуш,
арыгінальныя застаўкі, канцоўкі, ініцыялы. Часта яны змяшчалі гравюры з выявамі
святых, абразамі Божай Маці, сюжэтамі на біблейныя тэмы (таемная вячэра, уваход
Ісуса Хрыста ў Ерусалім, Апакаліпсіс ды інш.). Брацкія выданні карысталіся
шырокім попытам як у Беларусі, так і за яе межамі.
У ХVІІІ стагоддзі ва ўмовах глыбокага эканамічнага крызісу і агульнага заняпаду
нашае краіны брацтвы паступова спынілі сваю дзейнасць.
62. Хто такія езуіты?
Езуіты - гэта сябры каталіцкага манаскага «Таварыства Ісуса» (Societas Jesu),
заснаванага ў 1534 годзе гішпанскім шляхцічам Ігнатам Лаёлам і зацверджанага ў
1540 годзе папам Паўлам ІІІ. Пачатковай мэтаю стварэння Ордэна езуітаў была
барацьба з Рэфармацыяй і ерасямі, распаўсюджванне веры Хрыстовай праз
выхаванне моладзі. Арганізацыя яго грунтавалася на прынцыпах адзінаначалля
(кіраўнік Ордэна называўся генералам), строгага цэнтралізму, безумоўнага
падпарадкавання і жалезнай дысцыпліны. Слоўная пропаведзь спалучалася з
дабрачыннай дзейнасцю: наладжваннем прытулкаў для сіротаў, бясплатных
сталовак і г.д.
Адным з асноўных спосабаў дасягнення сваіх мэтаў Ордэн лічыў узгадаванне
моладзі ў духу пабожнасці і веры праз сетку калегіумаў і акадэмій. Езуіцкія школы
былі аднымі з найлепшых у Эўропе. Там, як правіла, вучыліся дзеці багатых і
знакамітых людзей, якіх вабіла высокая якасць выкладання, новая і мэтазгодная
арганізацыя школьнае справы. Езуіты першымі падзялілі ўсю масу навучэнцаў на