У XII ст. вялікае значэнне набывае Мінскае княства. Першы мінскі князь
Глеб Усяславіч у 1116 г. захапіў частку тэрыторыі дрыгавічоў. Уладзімір
Манамах разам з чарнігаўскім, смаленскім, пераяслаўскім князямі пачаў паход на
Мінскае і Друцкае княствы. Оршу і Копысь Манамах перадаў Смаленску. У 1119
г. яму ўдалося захапіць Мінск і на некаторы час прылучыць да велікакняжацкіх
уладанняў. Паланёны Глеб Усяславіч быў адпраўлены ў Кіеў.
У сярэдзіне XII ст. спробу аб’яднаць Мінскае і Полацкае княствы зрабіў
мінскі князь Расціслаў Глебавіч, запрошаны полацкім вечам на княжанне ў
Полацк. Свайго князя Рагвалода палачане адправілі ў Мінск, дзе яго ўтрымлівалі
ў «вялікае патрэбе». Але Рагвалод здолеў уцячы, яму ўдалося вярнуць сабе Друцк.
У самім Полацку ўспыхнуў мяцеж гараджан супраць Расціслава і яго людзей.
Даведаўшыся пра змову, Расціслаў уцёк у Мінск, а палачане зноў паклікалі да
сябе Рагвалода. Вайна паміж Расціславам і Рагвалодам не прывяла да перамогі
ніводнага з іх, аб'яднаць княствы не ўдалося.
У сучаснай гістарычнай літаратуры выказваюцца новыя погляды па
пытаннях феадальнай раздробленасці. Так, М. Ермаловіч лічыць, што
раз’яднанасць беларускіх, у прыватнасці полацкіх, зямель у XIII ст. не трэба
перабольшваць, што феадальная раздробленасць, якая была вынікам феадальнага
спосабу вытворчасці, з'явілася на той час не толькі заканамерным, але і
прагрэсіўным этапам гістарычнага развіцця. Справа ў тым, што ў нетрах самой
феадальнай раздробленасці выспявалі ўмовы для ўмацавання беларускіх зямель.
Ствараліся лепшыя магчымасці для асваення зямель і прыродных рэсурсаў, росту
гарадоў, развіцця земляробства і рамёстваў. А гэта садзейнічала таварнай
вытворчасці, вяло да эканамічнага і палітычнага збліжэння паасобных зямель. У
якасці прыкладу Ермаловіч прыводзіць Полацкую зямлю. «Менавіта ў Полацкай
зямлі, — сцвярджае ён, — раней пачаўся працэс феадальнай раздробленасці, ён
раней і закончыўся»
6
.
Тэндэнцыя да збліжэння з іншымі беларускімі землямі назіралася таксама ў
Турава-Пінскім княстве. I хоць на тэрыторыі Турава-Пінскай зямлі пасля яе
выхаду з-пад уплыву Кіева (1158) узнік шэраг асобных удзелаў, князі іх
дзейнічалі згуртавана. У пачатку XIII ст. Турава-Пінская зямля ўсё больш і больш
звязвае свой лёс з Новагародскай зямлёй у барацьбе супраць агульнага ворага —
галіцка-валынскіх князёў. Аб гэтым сведчыць тое, што ў 1228 г. новагародцы
ўдзельнічалі на баку Расціслава Пінскага ў яго барацьбе з Данілам Галіцкім.
Аб росце згуртаванасці, а не раздробленасці беларускіх зямель сведчыць, на
думку М.Ермаловіча, узвышэнне Новагародскай зямлі, на долю якой «выпала
гістарычная роля стаць у другой палове XIII ст. ядром аб'яднання беларускіх і
балцка-літоўскіх зямель у адзіную дзяржаву».
У Верхнім Панямонні найбольш старажытнымі гарадамі з’яўляюцца
Наваградак (Навагрудак) і Ваўкавыск, жыццё ў якіх зарадзілася ў канцы X
стагоддзя. Амаль адначасова на правым беразе Немана пры вусці Гараднічанкі
ўзнік пасёлак, відаць, ваеннага прызначэння, які паклаў пачатак гораду Гародня
(Гродна). Тут існавалі яшчэ гарады Слонім, Турыйск, магчыма, Вавярэск
Такім
6
Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1991. с. 11