Эсэ, 12 с. Крыніца: газ. «Літаратура і мастацтва», 1985, 1
лістапада.
"Паслязаўтра год, як яго няма. За маім расчыненым на ўсход акном, у
пакоіку на гарышчы вясковага дома, застыла ў чаканні, можа,
нарэшце, і сенакоснага дня сонечна-церпкая, росная раніца, асабліва
прыгожая пасля зацяжных дажджоў. Над акном, у белацагляным
вільчыку, пачырыквае ды шалпочацца ў цеснаватым ужо гняздзе
ластаўчына малеча, падлёткі. З блізкага лесу зрэдку пачуецца гівал.
Гэты голас Валодзя любіў. У слове пра маё пяцідзесяцігоддзе,
успамінаючы наша падарожжа па маіх родных мясцінах, ён называў
гэтага птаха двойчы і за пісьмовым сталом, чуючы яго песню, -
«дзьме ў дудку з вадой». Час ад часу недзе воддаль гаркне варона,
зімой і летам аднолькава, а ўсё ж, здаецца, сёння трошкі прыгажэй."