Магнацкі тэатр з’явіўся ў час, калі Рэч Паспалітая знаходзілася ў стане
эканамічнага ўпадку, яе раздзіралі ўнутраныя супярэчнасці і міжусобіцы.
Дэцэнтралізацыя грамадскага і палітычнага жыцця спрыяла развіццю
прыватнаўласніцкіх ардынацый. Таму цэнтрам культурнага жыцця
становіцца замак магната, маёнтак шляхціча. Магнаты імкнуліся зацвердзіць
сябе ўдзельнымі валадарамі, стварыць двары больш шыкоўныя, чым
каралеўскі ў Варшаве. Найбольш буйныя музычна-драматычныя тэатры
ўзнікалі менавіта ў прыватнаўласніцкіх гарадах, якія на працягу XVII-XVIII
стст. аказвалі пэўны ўплыў не толькі на культурнае, але і на сацыяльна-
эканамічнае і палітычнае жыццё краіны.
У цэнтрах магнацкіх уладанняў тэатр фарміраваўся заўсёды на аснове
некалькіх труп: опернай, балетнай, драматычнай, а таксама капэлы, у склад
якой спачатку уваходзілі замежныя артысты, якіх паступова змянялі
прыгонныя. Прыгонныя артысты рыхтаваліся ва ўласных тэатральных і
музычных школах. Асаблівасцю прыватнаўласніцкага тэатра апошняй чвэрці
XVIII ст. стала адначасовае выступленне на сцэне шляхты-аматараў,
прыгонных артыстаў і замежнікаў; апошнія, як правіла, былі салістамі.
Прычына запрашэння замежнікаў – адсутнасць мясцовых тэатральных
кадраў. Таму магнаты карысталіся паслугамі не толькі асобных майстроў, але
і цэлых оперна-балетных труп, што запрашаліся з Італіі, Аўстрыі, Францыі.
Шмат знакамітых балетмайстраў, вакалістаў і музыкантаў узначалілі
прыватныя тэатральныя і музычныя школы. За высокую прафесійнасць
падрыхтоўкі беларускіх артыстаў мовіць той факт, што цэлыя балетныя
калектывы і капэлы ў канцы стагоддзя ўвайшлі ў склад сталічных тэатраў і
аркестраў.
Некаторыя магнацкія тэатры мелі публічны характар, на спектаклях
прысутнічала не толькі шляхта, але і прадстаўнікі іншых колаў грамадства.
Тэатральныя пастаноўкі спачатку ішлі ў вялікіх пакоях замкаў і
палацаў, а ў апошняй чвэрці XVIII ст. магнаты ўзводзяць пастаянныя
тэатральныя будынкі, звычайна італьянскага тыпу. Унутраная дэкарацыйная
аздоба тэатральных будынкаў пераважала над вонкавай, што абумоўлена
панаваннем у архітэктурным мастацтве Беларусі XVIII ст. стылю класіцызм.
Што тычыцца шляхецкага сядзібнага тэатра, то ён не атрымаў
шырокага развіцця ў межах Беларусі. Спектаклі звычайна ставіліся мясцовай
шляхтай у святочныя дні, падчас народзінаў гаспадара сядзібы. Такія
“тэатры” мелі лакальны характар. Выканаўцы не вызначаліся
прафесіяналізмам, а пастаноўкі былі прымітыўнымі па афармленню і
тэхніцы. Але амаль ва ўсіх шляхецкіх сядзібах былі невялікія прыгонныя
капэлы, пашырана хатняе музыцыраванне.
Вельмі важным фактам з’яўляецца тое, што тэатральная культура
Беларусі другой паловы XVIII ст. фарміравалася ва ўмовах перавагі
музычнага тэатра. Развіццё тэатральнага мастацтва спрыяла з’яўленню
тэатральнай архітэктуры, прафесійнай сцэнаграфіі, тэатральнай і музычнай
адукацыі, майстэрняў па вырабу музычных інструментаў. Тэатральныя
будынкі Нясвіжа, Слоніма, Шклова будуюцца з улікам апошніх дасягненняў