часе, як вядома, Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польскай дзяржавы.
Больш за 100 тысяч беларусаў, якія праходзілі службу ў польскім войску, прынялі
на сябе разам з палякамі ўдар германскай вайсковай машыны.
Ахвярна змагаліся адрэзаныя ў першыя дні вайны абаронцы Вэстэрплятэ і Гданска.
Даволі доўга стаяла непрыступнай Берасцейская цытадэль (Брэсцкая крэпасць).
Жорсткія баі праходзілі ў раёне Радама, а паміж Віслай і яе прытокай Бзурай
разыгралася, паводле ацэнкі нямецкіх гісторыкаў, «найбуйнейшая бітва за
Польшчу». Вялікую мужнасць у часе абароны Варшавы праявіў легендарны
Станіслаў Булак-Булаховіч, які, аператыўна сфармаваўшы аддзел з 300
дабраахвотнікаў, на працягу трох тыдняў стрымліваў танкавыя атакі. Тысячы
нашых суайчыннікаў загінулі за 35 дзён зацятага змагання з ворагам.
У 1942 годзе вельмі шмат беларусаў, якія знаходзіліся ў канцэнтрацыйных лагерах
СССР, запісаліся ў армію польскага генерала Андэрса, сфармаваную паводле
пагаднення з савецкім кіраўніцтвам. Гэтая армія, а таксама другі корпус Андэрса,
1-я Панцырная дывізія, Брыгада парашутыстаў ды іншыя польскія фармаванні
ваявалі на Заходнім тэатры вайны. Беларусаў у іх, паводле сама сціплых падлікаў,
было больш за 30 000 чалавек, і сярод іх - шмат афіцэраў, у тым ліку такія вядомыя
генералы, як Я.Верабей, М.Кукель, Н.Сулік.
Нашы суайчыннікі ўдзельнічалі ў баявых аперацыях у Бельгіі і Нарвегіі, Італіі і
Паўночнай Афрыцы. Шмат беларусаў змагаліся ў французскім Руху Супраціву, у
Гарыбальдзійскіх брыгадах.
Несмяротную славу здабылі нашы ваяры ў жорсткай бітве за Монтэ-Касіна. На
працягу паўгода амерыканскія, ангельскія, новазеландскія, французскія і канадскія
часціны па чарзе спрабавалі захапіць гэты старадаўны кляштар з глыбока
эшаланаванай абаронаю, размешчаны на непрыступнай скале пры дарозе ў Рым. І
толькі ў траўні 1944 года, дзякуючы мужнасці і адвазе жаўнераў Другога корпуса
Андэрса, асабліва 5-й Крэсовай пяхотнай дывізіі, бальшыню якой складалі
беларусы, Монтэ-Касіна быў узяты. Нямала прыкладаў гераізму і самаахвярнасці ў
гэтай бітве паказалі беларускія хлопцы, і сярод іх - Рыгор Буслак, які цаною свайго
жыцця праклаў баявым сябрам дарогу праз міннае поле.
Усё гэта яскрава сведчыць пра той вялікі ўклад, які ўнеслі нашыя бацькі і дзяды ў
перамогу над фашызмам.
133. Якую ролю адыгралі савецкія спецслужбы пад
час нямецкай акупацыі Беларусі?
Ад пачатку Другой сусветнай вайны савецкія спецслужбы пачалі ствараць на
тэрыторыі Беларусі сакрэтныя базы для магчымага вядзення партызанскай
барацьбы, на якіх захоўваліся зброя, медыкаменты, харчаванне. З акупацыяй
Беларусі гэтыя базы сталі цэнтрамі партызанскіх групаў і аддзелаў (атрадаў) НКГБ,
асноўнымі задачамі якіх былі дэзарганізацыя работы варожага тылу, знішчэнне ў
тыле жывой сілы праціўніка, разведка і контрразведка, а таксама «вядзенне
палітыка-растлумачальных мерапрыемстваў» сярод ворага і насельніцтва. Увосень
1941 - увесну 1942 года па ўсёй Беларусі дзейнічалі (паводле афіцыйных звестак)
16 аддзелаў НКГБ. Найбольш вядомыя з камандзіраў спецаддзелаў - К.Арлоўскі і
С.Ваўпшасаў.
Як правіла, чэкісцкія аддзелы былі невялікія і мабільныя. Дзейнасць іх
распаўсюджвалася на вялізныя тэрыторыі: так, аддзел «Вторые» кантраляваў
Быхаўскі, Бялыніцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Прапойскі,
Кармянскі, Рэчыцкі, Рагачоўскі, Брагінскі, Васілевіцкі, Калінкавіцкі, Хойніцкі і