Камедыя «Несцерка» напісана ў 1940 годзе і ўпершыню пастаўлена ў
1941 годзе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра
імя Якуба Коласа, які тады называўся Другім Беларускім дзяржаўным
тэатрам. Вось як пісаў В. Вольскі аб сваёй задуме: Я паставіў перад
сабой задачу стварыць камедыю з напружаным і выразна акрэсленым
сюжэтам, вясёлую і лёгкую, тэатральна-прыўзнятую, асветленую
іскрамі народнага гумару, упрыгожаную яркімі фарбамі, музыкай,
спевамі і танцамі. Мне хацелася даць тэатру драматычны матэрыял для
спектакля яркага, жывога і маляўнічага, каб глядач увесь час
адчуваў сябе ў атмасферы народнага відовішча, каб няспыннымі
хвалямі ліўся са сцэны ў залу жывы струмень народнага мастацтва»
(Літ. і мастацтва. 1941. 24 мая). I сапраўды дынамічны і займальны
сюжэт камедыі, пабудаваны па матывах беларускіх народных казак,
уключае ў сябе цэлы шэраг прыгод, якія здараюцца з галоўнымі
персанажамі. Каб дапамагчы Юрасю ажаніцца з Насцяй, галоўнаму герою
даводзіцца пераадолець нямала перашкод; абхітрыць пана, перамагчы ў
дыспуце шкаляра, ашукаць суддзю, і, нарэшце, прымусіць шкаляра
адмовіцца ад шлюбу. У творы выразна прасочваецца некалькі сюжэтных
ліній: лінія Несцеркі, які ратуецца ад шляхцюкоў, што
абвінавачваюць яго ў наўмысным шкодніцтве, лінія кахання Юрася і
Насці, лінія шкаляра Самахвальскага, які прэтэндуе на найхутчэйшае
ўзыходжанне да кар'ерных вяршынь, нарэшце, сюжэтная лінія пошуку
справядлівасці, звязаная з суддзёй, шляхцюкамі і панам Бараноўскім.
Усе гэтыя лініі спалучаюцца і яднаюцца ў камедыі праз вобраз яе
галоўнага героя. Па жанры Несцерка – народна-лубачная сатырычная
камедыя. Аўтар выкарыстаў тут формы старадаўняга народнага тэатра,
беларускай інтэрмедыі, балаганных прадстаўленняў, сцэны са
скамарохамі. Арганічна ўведзены здаўна вядомыя ў народзе паданні
пра шамякаў суд, «вучоны» дыспут, рашэнне трох загадак і ішн.