74
быў ягоны ўдзел у пасольстве да Турцыі пад кіраўніцтвам А.Та-
раноўскага, вопытнага дыпламата, які Стрыйкоўскага “ўзяў з
сабой за памочніка пасольства, асабліва ў справах лацінскіх”.
Але аб тым, што на самой справе місія ягоная была значна
шырэйшая за чыста лінгвістычную, гавораць уласныя заўвагі:
“Фартэлем Улісэсовым да ўсяго прыглядаўся”, “даследаваў замкі,
гарады, палажэнне краін... парадкам спісаў... вырысаваў” (І,
XXXVII). Як мы бачылі, падобная дзейнасць не чужая была
Стрыйкоўскаму і раней. З Турцыі ён вярнуўся вясной 1575 г.
Найбольш аб’ектыўны біёграф Стрыйкоўскага М.Малі-
ноўскі лічыў, што ў гэты час пачала прымаць больш канкрэт-
ныя формы галоўная мэта яго дзейнасці: “Багатыя яшчэ ў той
час у знакамітых дамах зборы летапісаў літоўскіх і рускіх на-
вялі яго на думку складання гісторыі Вялікага княства, якая...
зусім яшчэ была невядомая... Стрыйкоўскі... навучыўся па-літоў-
ску, слухаў песьні і збіраў мясцовыя паданні... стараўся наве-
даць пагранічныя правінцыі, аглядаць палі бітваў, старыя магі-
лы, выараную з іх зброю, важнейшыя гарадзішчы, замкі, цэрк-
вы, магільныя камяні, нарэшце, выявы вялікіх князёў” (І, (4)).
Застаецца загадкай, як малады чалавек ва ўзросце 25 гадоў
(магчыма, першы антыарыянскі памфлет “Вершы супраць но-
ваахрышчаным” напісаны яшчэ ў 1572 г . у Любліне (І, XV))
спалучаў вайсковую службу і падарожжы з самаадукацыяй,
вывучэннем моў (авалодаў рускай, літоўскай, нямецкай, добра
ведаў лацінскую), пошукам, збіраннем і даследаваннем склада-
ных у палеаграфічных адносінах “рускіх” летапісаў, нямецкіх
хронік і іншых старажытных крыніц, а галоўнае – з напісаннем
вялікіх і разнастайных твораў. Сама напрошваецца думка, што ма-
ладому гісторыку нехта дапамагаў. І дапамога гэтая была не толькі
фізічная, напрыклад, у перапісванні тэкстаў “падлеткамі, якіх вы-
хоўваў немалы час, амаль 8 гадоў” (І, ХХХІХ), але і маральная,
грамадзянская, тое, што мы разумеем пад словам пратэктарат.
Тут мы падыходзім да вельмі складанай і далёка не выра-
шанай праблемы: хто быў інспіратарам творчасці Стрыйкоўска-
га, якія грамадскія колы ВКЛ былі зацікаўлены ў выніках яго
працы, у рэшце рэшт, якую ідэалогію павінен быў выказаць гэты
невядомы “кароняж”, усклаўшы на свае плечы цяжар шматвя-
ковай гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Пытанне нямарнае
і ў наш час, не кажучы пра XVI ст., калі жывыя яшчэ былі ад-
носіны тыпу “сюзерэн-васал”, “мецэнат-кліент”. Хто ж былі гэ-
тыя мецэнаты, чый “грамадзянскі заказ” напісання новай гісто-
рыі Літвы і “Русі Літоўскай” выконваў Стрыйкоўскі?