аднагалосна абвясцілі 32-гадовага С.Панятоўскага каралём польскім і вялікім князем літоўскім.
Пры каранацыі ён узяў імя Аўгуста і ўжо як Станіслаў Аўгуст узначальваў дзяржаву на працягу 35
гадоў. Каранацыя новага манарха адбылася 25 лістапада таго ж года ў дзень св.Кацярыны.
«Віншую вас з каралём, якога мы зрабілі», — напісала задаволеная Кацярына II графу М.Паніну.
Палітычная лінія новаабранага караля была накіравана на ўстанаўленне як мага больш
раўнапраўных адносін менавіта з Расіяй. Пры гэтым бачылася яе спрыянне ў правядзенні
неадкладных дзяржаўных рэформаў, каб надзейна суцішыць апазіцыйнае магнацтва. Арыентацыя
на Расійскую імперыю, паводле меркавання Станіслава Аўгуста, павінна была ўраўнаважыць
агрэсіўныя памкненні Прусіі. Але на самай справе, як аказалася, ні Расія, ні Прусія не жадалі
падтрымліваць якія-небудзь істотныя змены ў гэтай дзяржаве.
Спроба лідэраў «фаміліі» пасля абрання новага караля праводзіць самастойную палітыку,
прадоўжыць рэформы, адмяніць цалкам «liberum veto» і замяніць яго галасаваннем пераважна на
сеймах большасцю галасоў асабліва непакоіла Прусію і Расію. Пры гэтым адкрытае імкненне
ваяводы рускага і канцлера ВКЛ падпарадкаваць сабе Станіслава Аўгуста, кіраваць дзяржавай
праз яго — выклікала пахаладанне ў адносінах паміж імі. На фоне прыціхлай, але не зніклай апазіцыі
з боку магнацкай партыі ў дачыненні да караля, яго становішча выглядала не надта трывалым.
Гэта вырашыў выкарыстаць расійскі пасол М.Рэпнін. Па заданню з Пецярбурга ён пачаў праводзіць
палітыку, накіраваную на поўнае адасабленне Станіслава Аўгуста ад сваіх дзядзькаў і
падпарадкаванне сабе выхаванца «фаміліі». М.Рэпніну для рэалізацыі сваіх намераў не хапала
існавання ў Рэчы Паспалітай палітычнай групоўкі, абапіраючыся на якую, ён змог бы дабіцца мэт,
пастаўленых перад ім канцлерам М.Паніным.
У адным са сваіх лістоў-інструкцый да М.Рэпніна ў Варшаву М.Панін пісаў, што той зробіць
бессмяротным сваё імя ў гісторыі Расійскай імперыі, калі даб'ецца ў дачыненні Рэчы Паспалітай
выканання трох задач: замацавання існуючага палітычнага ладу, устанаўлення расійскай гарантыі
над палітычнай сістэмай і поўнага ўраўнавання ў правах дысідэнтаў з католікамі.
Найбольш зручным спосабам для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай
заставалася ўзняцце дысідэнцкага пытання. Апякунства над вызнаўцамі праваслаўя, якія
складалі частку насельніцтва Беларусі і Украіны, было адной з даўніх традыцый расійскай
дыпламатыі. Нявырашанасць рэлігійнага пытання, прыніжэнне палітычных і рэлігійных правоў
праваслаўных і пратэстантаў не магло быць не выкарыстана як сродак націску на Станіслава
Аўгуста.
Дысідэнцкае пытанне было ў Рэчы Паспалітай набалелым і складаным. У перыяд панавання
саксонскай дынастыі рэлігійную неталерантнасць паглыбляла недальнабачная палітыка
каталіцкага духавенства. Іншаверцы, у тым ліку нешматлікая пратэстанцкая і праваслаўная
шляхта, былі пазбаўлены палітычных правоў. Ім фактычна быў закрыты доступ да дзяржаўнай і
вайсковай службы, яны не маглі выбірацца пасламі на сеймы, дэпутатамі ў Галоўны Трыбунал.
Дысідэнтам, праваслаўным і католікам, забаранялася будаваць новыя храмы. Палітычная і рэлігійная
няроўнасць была замацавана пастановамі сеймаў 1717, 1733 і 1736 гг.
Пры гэтым трэба ўлічваць, што для Расійскай імперыі рэлігійнае пытанне было толькі зручнай
падставай для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай у сваіх інтарэсах, а ніяк не
самамэтай. М.Панін так ахарактарызаваў мэты знешняй палітыкі Расіі ў гэтым пытанні: «Справа
дысідэнтаў ніяк не можа быць падставай для пашырэння ў Рэчы Паспалітай нашай веры і
пратэстанцкіх вераванняў, а толькі выключна рычагом заваявання для сябе, з дапамогаю нашых
адзінаверцаў і пратэстантаў, моцнай і прыязнай партыі з правам удзелу ва ўсіх польскіх справах».
Паводле яго меркавання, пашырэнне правоў пратэстанцкага насельніцтва не пажаданае, бо
можа «вывесці палякаў з цемры». Гэтак жа небяспечна занадта падтрымліваць і праваслаўных у
Беларусі і Украіне, што магло б прывесці да ўзрастання колькасці сялян-уцекачоў з Расіі.
Кацярына II выказвала клопат пра дысідэнтаў у Рэчы Паспалітай, аднак пры гэтым строіла
вялікія планы. Падтрымка праваслаўнага насельніцтва ў гэтым рэгіёне Еўропы павінна была
стварыць лепшыя ўмовы для экспансіі Расійскай імперыі на Балканах, у войнах з Турцыяй.
Станіслаў Аўгуст і «фамілія» разумелі ўсю важнасць вырашэння дысідэнцкага пытання для лёсу
сваёй дзяржавы. Але адначасова яны апасаліся агульнага адпору з боку як папскай курыі, разам з
іерархіяй каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай, так і кансерватыўнага шляхецтва. Іх кансалідацыя
магла паставіць пад сумненне вырашэнне ўсяго працэсу рэформаў, які яшчэ толькі распачынаўся.
Сам Станіслаў Аўгуст не з'яўляўся рэлігійным фанатыкам, як, напрыклад, Жыгімонт III Ваза.
Ён выказваўся за ўраўноўванне ў правах католікаў і некатолікаў-хрысціян. Але практычнае
вырашэнне гэтага пытання на сейме яму бачылася толькі з папярэдняй адменай права «liberum
veto». Чартарыскія ж, наадварот, шукаючы сабе болынай падтрымкі і папулярнасці сярод шляхты,
вырашылі не дапускаць рэформаў у дысідэнцкім пытанні. Гэта стала прычынай пагаршэння іх
адносін з пецярбургскім дваром і прывяло да фактычнай страты расійскай пратэкцыі. Такім чынам,
стаўленне да дысідэнцкага пытання было пробным каменем ва ўзаемаадносінах паміж
рэфарматарскай партыяй у Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыяй.
Перад чарговым вальным сеймам 1766 г. М.Панін падрыхтаваў праект, які прадугледжваў
пашырэнне расійскіх гарантый і на пратэстантаў. Адначасова чатыры пратэстанцкія краіны
(Прусія, Англія, Данія і Швецыя) выступілі у абарону правоў сваіх адзінаверцаў у Рэчы Паспалітай.