навукоўцаў, у галіне мовазнаўства, у выдавецтвах, у палітыцы Наркамасветы па
беларусізацыі, Наркамзема – па хутарызацыі і г.д.
З восені 1929 г. негатыўны вобраз нацдэмаўшчыны замацоўваецца ў
партыйнай палітыцы, у сродках масавай інфармацыі, грамадскай свядомасці.
У 1930 г. барацьба з нацдэмамі стала практычнай дзейнасцю органаў АДПУ
БССР. Імі была “выкрыта” (на самой справе сфабрыкавана) “нацдэмаўская,
контррэвалюцыйная і антысавецкая арганізацыя”, якая атрымала назву “Саюз
вызвалення Беларусі” (СВБ). Было арыштавана 108 чалавек. Сярод іх акадэмікі
БАН В. Ластоўскі, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, кіраўнік наркамата земляробства
Дз. Прышчэпаў, асветы А.Баліцкі і інш. У 1931 г. яны былі асуджаны на розныя
тэрміны зняволення, а ў 1937–1940 гг. многія з іх расстраляны.
Актыўная кампанія выкрыцця “ворагаў народа” мела, акрамя фізічнага
знішчэння, яшчэ адзін, не менш жудасны вынік. Атмасфера падазронасці,
ідэалагічнага ўціску, маральнага прымусу ламала людзей як асоб, прымушала
адракацца ад сваіх поглядаў і прынцыпаў, гаварыць няпраўду, хлусіць, каб
захаваць жыццё сваё і сваіх родных.
“Справа СВБ” была пачаткам сістэматычных рэпрэсій у Беларусі.
Адначасова з СВБ у 1930 г. былі “раскрыты” і іншыя “контррэвалюцыйныя,
шкодніцкія і дыверсійна-шпіёнскія арганізацыі”, у прыватнасці беларускі
філіял “Працоўнай сялянскай партыі”, па гэтай “справе” было асуджана 59
чалавек); беларускі філіял “Прампартыі” – асуджана 30 чалавек; беларускі
філіял “Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)” – асуджана 30 чалавек.
Гэтыя вынікі дзейнасці АДПУ адразу адчуліся – неставала работнікаў
навучальных устаноў, органаў кіравання, устаноў культуры і г.д. Аднак пошук
“ворагаў народа” працягваўся. У снежні 1933 г. былі арыштаваны 84 працаўнікі
сістэмы Наркамзема БССР і Белтрактарацэнтра. Ім ставілася ў віну імкненне
сарваць развіццё цяжкай прамысловасці, падарваць эканамічную магутнасць
Савецкай дзяржавы, аслабіць яе ў барацьбе з капіталістычным асяроддзем, а
потым звергнуць савецкую ўладу, захапіць кіраўніцтва ў свае рукі.
Акрамя гэтага, “контррэвалюцыйныя арганізацыі” шкоднікаў і нацдэмаў у
гэты час былі “выкрыты” ў Белдзяржснабе, Дзяржплане, у Беларускім
нацыянальным цэнтры і г.д. У першым квартале 1933 г. у БССР да вышэйшай
меры пакарання і да 10 гадоў пазбаўлення волі было асуджана больш за 5,5 тыс.
чалавек. Толькі “тройкай” НКУС БССР у 1935 г. было асуджана 8074 чалавекі,
а ў 1936 – 12 371 чалавек. Агентаў “варожых разведак” знаходзілі і выкрывалі
сярод самых розных сацыяльных груп насельніцтва – ад высокапастаўленых
дзяржаўных, партыйных і ваенных дзеячаў да простых рабочых і сялян.
У чэрвені 1937 г. адбыўся XVI з’езд КП(б) Беларусі, якому належыць
асобнае месца ў нагнятанні атмасферы страху і беззаконня. Тэма выкрыцця
ворагаў народа была галоўнай у справаздачным дакладзе першага сакратара
В. Шаранговіча і ў прамовах фактычна ўсіх выступаўшых.
29 ліпеня 1937 г. адбыўся ІІІ Пленум ЦК КП(б)Б, рашэнні якога адыгралі
ролю своеасаблівага дэтанатара, выклікалі абвальны працэс агульнага