§ 3. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі
На шляхах перабудовы: каапераванне сельскай гаспадаркі. Велізарнае
значэнне ў жыцці нашага грамадства, 4/5 насельніцтва якога ў 20–30-я гады
складала сялянства, мела радыкальнае пераўтварэнне сельскай гаспадаркі.
Цяжкія ўмовы працы і быту сялян, раздробленасць зямельных участкаў,
прымітыўныя прылады працы і, як вынік, нізкая эфектыўнасць вытворчасці
харчовых прадуктаў, што стрымлівала агульнае эканамічнае развіццё краіны, –
усё гэта пераканаўча сведчыла аб існаванні аб’ектыўнай неабходнасці
карэннага пераўладкавання сельскай гаспадаркі, уздыму агульнай культуры
вёскі.
Дадзеная гістарычная неабходнасць пачала рэалізоўвацца ў 20-я гады
шляхам развіцця розных форм кааперацыі, паступовага пераходу дробных
сялянскіх гаспадарак да калектыўнай апрацоўкі зямлі ва ўмовах нэпа.
Асаблівасцю Беларусі было тое, што ўвядзенне нэпа супадала з перадачай зямлі
сялянам. Прыняты ІІ з’ездам Саветаў Дэкрэт аб зямлі, паводле якога ўся зямля
перадавалася бязвыплатна сялянам у карыстанне, тут быў здзейснены толькі ў
1921 г. У выніку сялянства ўсходніх абласцей Беларусі павялічыла аб’ём
землекарыстання да 5,4 млн дзесяцін. Але забеспячэнне сялян зямлёй тут было
амаль напалову (на 41 %) менш, чым у сярэднім па краіне. Патрэбна ўлічваць,
што ў Беларусі пад балотамі знаходзілася 16 % усёй зямлі, пад лясамі – 25 %.
Перанаселенасць беларускай вёскі і хранічнае малазямелле сялян
патрабавалі пошукаў больш інтэнсіўнага выкарыстання зямельных угоддзяў.
Беларускі ўрад ставіў задачу пашырэння апрацоўваемай зямельнай плошчы
шляхам ліквідацыі няўдобіц, меліярацыі, пераразмеркавання ўчасткаў. Аднак
важна адзначыць, што тэмпы развіцця сельскай гаспадаркі ўсё больш
замаруджваліся, а агульная таварнасць яе была нізкая. Дробная гаспадарка мела
тэндэнцыю да падзення таварнасці.
У пачатку нэпа савецкая ўлада падтрымлівала гаспадарчыя памкненні
сялян, заахвочвала пошук форм калектыўнага гаспадарання на зямлі,
прадастаўляла права на зямлю як калектыўным, так і аднаасобным гаспадаркам.
Абвешчаная ў Зямельным кодэксе БССР свабода выбару форм
землекарыстання захоўвалася ў Беларусі аж да 1927 г. І трэба адзначыць, што
да таго часу ў Беларусі свабодна развіваліся гаспадаркі як калектыўнага
землекарыстання (у формах вытворчай кааперацыі – сельгасарцелей, камун,
таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі; у разнастайных прасцейшых формах
кааперацыі – крэдытных, забеспячэнскіх, збытавых; у спецыялізаваных відах
кааператыўных аб’яднанняў – машынных і конна-машынных, масларобных і
сыраварных, жывёлагадоўчых і насенняводчых і г.д.), так і аднаасобнага
землекарыстання (двары, хутары і адрубы).
Народным камісарыятам земляробства, які ўзначальваў з 1921 г. да 1929 г.
Дз. Ф. Прышчэпаў, быў складзены “Пяцігадовы перспектыўны план развіцця
лясной і сельскай гаспадарак БССР на 1925–1929 гады”. План прадугледжваў
стварэнне хутароў і дробных пасёлкаў тыпу адрубоў. У адпаведнасці з гэтым