саслоўяў гарадскога насельніцтва. У гэты ж час рэальныя вучылішчы былі
пераўтвораны ў тэхнічныя вучылішчы, заканчэнне якіх не давала права
паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Вышэйшая адукацыя таксама
была пастаўлена пад больш жорсткі кантроль з боку ўрадавай адміністрацыі.
Універсітэцкі статут 1884 г. фактычна ліквідаваў аўтаномію універсітэтаў у
кіраванні. З 1887 г. каб паступіць ва універсітэт, трэба было прадставіць
характарыстыку аб “добранадзейнасці”, а плата за год навучання павялічвалася
з 10 да 50 рублёў. Усё гэта, безумоўна, закранала інтарэсы жыхароў Беларусі,
дзе пасля закрыцця ў 1864 г. Горы-Горацкага земляробчага інстытута не
засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы і, каб атрымаць
вышэйшую адукацыю, трэба было ехаць у Пецярбург, Маскву ці Кіеў.
Такім чынам, эпоха Аляксандра ІІІ у сацыяльна-эканамічным, палітычным
і культурным развіцці Беларусі адзначаецца супярэчлівасцю. З аднаго боку,
гэты быў час эканамічнай стабілізацыі грамадства, павелічэння насельніцтва
Беларусі. З другога боку, мела месца поўнае неразуменне асаблівасцей
гістарычнага і нацыянальнага развіцця краю. Палітыка расійскага ўрада
спрыяла зараджэнню і актыўнаму праяўленню нацыянальнага руху ў Беларусі.
§ 3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх губерняў у 60-я гады
XIX ст. – першыя гады XX ст.
Характарыстыка землеўладання на Беларусі. Рэформа 1861 г.,
праведзеная ў інтарэсах памешчыкаў, абумовіла “прускі” варыянт развіцця
капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. У Беларусі яго рысы былі яшчэ
больш выразныя. Тут пераважала памешчыцкае землеўладанне. Паводле даных
1877 г., памешчыкам належала 50,3 % зямлі, сялянам – 33,4, казне, царкве,
розным установам – 11,2 %. Буржуазнае (бессаслоўнае) землеўладанне складала
ўсяго 5,1 % ад агульнай зямельнай плошчы.
Памешчыцкае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі мела выразны
латыфундыяльны характар. На долю латыфундый (больш за 500 дзесяцін на
аднаго ўладальніка) у 1877 г. прыпадала 88,6 % памешчыцкай зямлі. Самыя
буйныя памешчыкі ў Беларусі валодалі дзесяткамі і сотнямі тысяч дзесяцін
зямлі: графу Чарнышову-Круглікаву належала 74,5 тыс. дзесяцін, князю
Паскевічу – 83,5 тыс., графу Патоцкаму – 121,6 тыс., князю Радзівілу –
150 тыс., а князю Вітгенштэйну – амаль 1 млн. дзесяцін. У той жа час больш як
60 % сялянскіх сем’яў у Беларусі атрымалі зямельныя надзелы менш за
15 дзесяцін, 32 % – ад 15 да 20 і толькі 8 % – звыш 20 дзесяцін. Сярэдні памер
сялянскіх надзелаў у беларускіх губернях вагаўся ад 8 да 12 дзесяцін на двор.
Такім чынам, на кожнага памешчыка ў сярэднім прыходзілася 1 097 дзесяцін
зямлі, альбо ў 75 разоў больш, чым на сялянскі двор.
Пры тагачаснай культуры земляробства надзел да 15 дзесяцін не мог
забяспечыць селяніну даход, дастатковы для ўтрымання сям’і з 6 – 7 чалавек,
выплаты выкупных плацяжоў, дзяржаўных падаткаў і іншых збораў. Акрамя
таго, памешчыкі захавалі за сабой так званыя сервітутныя землі (сенажаці,