Перыядызацыя выдавецка-рэдактарскай дзейнасці на Беларусі
праводзіцца з улікам тых крытэрыяў, якія прымяняюцца ў літаратуры і
мовазнаўстве, паколькі названая філалагічная дысцыпліна фарміравалася і
ўдасканальвалася ў непасрэднай лучнасці з імі.
Фактычным матэрыялам для выяўлення і аналізу прыёмаў
рэдактарскай працы паслужылі помнікі пісьмовасці, літаратурна-крытычныя
артыкулы беларускіх савецкіх пісьменнікаў, а таксама творы мастацкай і
публіцыстычнай літаратуры.
Рэдагаванне неабходна разумець як творчы працэс над словам, фразай,
тэкстам, выданнем у цэлым. Прынятыя ў методыцы літаратурнага
рэдагавання асноўныя прыёмы і метады – гэта толькі стартавая пляцоўка для
росквіту рэдактарскага таленту і творчасці. Дзейнасць рэдактара не
статычная, а дынамічная, шматгранная і глыбока індывідуальная, як і
творчасць мастака слова. Пры гэтым усе тры функцыі творчай дзейнасці
журналіста: арганізатарская (у зносінах з аўтарам), арганізацыйная
(разуменне таго, якое месца павінна заняць публікацыя пры складанні
нумара, паласы, увядзенні скразной тэмы), стварэнне журналісцкага твора –
перакрыжоўваюцца ў рэдактарскай працы над тэкстам.
Рэдагаванне як творчая літаратурная праца сёння не абмяжоўваецца
моўна-стылёвай праўкай, а непасрэдна залежыць ад таго, для якога каналу
масавай інфармацыі – кнігі, газеты, часопіса, радыё ці тэлебачання –
прызначаны матэрыял. Ад гэтага і працэс рэдагавання, яго прыёмы
мяняюцца і набываюць сваю спецыфіку.
Выдавецтвы як самастойныя прадпрыемствы, што спецыяльна
займаюцца падрыхтоўкай, апрацоўкай, выпускам і рэалізацыяй друкаванай
прадукцыі, – найбольш значны сегмент рынку друкаванай прадукцыі, які
апошнім часам развіваецца надзвычай дынамічна. Рэдактарская праца ў
выдавецтве мае пэўную спецыфіку. Калектыўны характар яе дае магчымасць
рэдактару не толькі прапанаваць свае арыгінальныя рашэнні, але і далучыцца
да творчага працэсу аўтара.
Творчы падыход рэдактара тут можа праявіцца ў выяўленні станоўчых
момантаў, аўтарскіх знаходак, у парадах пошуку арыгінальнага аўтарскага
падыходу да рэалізацыі ідэі твора і г.д.
У рэдакцыях газет і часопісаў спецыялісты-рэдактары займаюць
пасады літаратурных рэдактараў, стылістаў-рэдактараў і карэктараў.
Набыўшы багаты досвед і майстэрства ў галіне выдавецкай дзейнасці і
рэдагаванні, спецыялісты-рэдактары, выпускнікі універсітэта па
спецыяльнасці “Літаратурная работа” часта працуюць і на пасадах кіраўнікоў
газет ці часопісаў.
Спецыфіка працы ў газеце непасрэдна залежыць ад умоў, у якіх
ствараецца публіцыстычны тэкст, што прызначаны для масавай аўдыторыі і
характарызуецца нарматыўнасцю: правільнасцю, чысцінёй, дакладнасцю,
8