інфармацыі, масавым характарам вывучаемых аб'ектаў, вызначэннем крытэрыяў і
прынцыпаў збору і групоўкі матэрыялу, комплексным характарам звестак, рысамі,
уласцівымі масавым крыніцам.
Зразумела, што азначаныя характарыстыкі складаліся не адразу. Генезіс
статыстычных крыніц у Вялікім княстве Літоўскім акрэсліваецца ў канцы XV –
пачатку XVI стст. Статыстычныя крыніцы фарміруюцца ў выніку эвалюцыі
дакументаў фіскальнага і гаспадарча-ўліковага характару (попісы войска, пісцовыя
кнігі, рэвізіі і інвентары). І калі на працягу XVI ст. ініцыятыва ў арганізацыі і
правядзенні ўліку належала дзяржаве, то ў XVII ст. звязаная з ім дакументацыя
распаўсюджваецца на прыватнаўласніцкую сферу, што вызначыла змены і ў саміх
формах уліку (інвентарныя апісанні).
З уключэннем у склад Расійскай імперыі складваюцца такія дакументы
фіскальнага ўліку насельніцтва як рэвізіі, адміністрацыйна-паліцэйскі ўлік,
матэрыялы Генеральнага межавання і інш. Па-сутнасці, гэта яшчэ не статыстычныя
крыніцы ў поўным сэнсе гэтага слова, а матэрыялы статыстычнага характару. Але
без іх вывучэння складана акрэсліць генезіс дакументаў статыстыкі.
У 1860-я гг. узнікаюць статыстычныя ўстановы. Развіццё статыстыкі ў гэты
час абумоўліваецца паскарэннем і ўскладненнем працэсаў сацыяльна-эканамічнага
і палітычнага развіцця. Менавіта ў гэты час фарміруюцца асноўныя накірункі
статыстыкі: дэмаграфічная статыстыка (статыстыка насельніцтва), статыстыка
сельскай гаспадаркі і прамысловасці.
Статыстычныя крыніцы ўтрымліваюць масавыя, пераважна колькасныя
дадзеныя. Правільнае іх выкарыстанне дазваляе выявіць у сукупнасці з'яў, што
здаюцца выпадковымі, характэрныя для іх заканамернасці развіцця. Выяўленне
азначаных заканамернасцей адбываецца шляхам параўнання колькасных дадзеных,
але для таго неабходна супаставімасць (аднароднасць) статыстычных дадзеных.
Статыстычныя звесткі маюць не толькі колькасныя, але і якасныя
характарыстыкі. Змены тэрыторыі ці іншых параметраў вывучаемага аб'екта, ці яго
недакладнае вызначэнне не даюць магчымасці супастаўляць статыстычныя
дадзеныя ў поўным аб'ёме
1
.
Асноўныя прынцыпы выкарыстання статыстычных дадзеных датычацца,
такім чынам, трох бакоў: паўнаты, дакладнасці і аднароднасці статыстычных
звестак. Статыстычныя звесткі, заключаныя ў крыніцы, павінны быць дастаткова
поўнымі ў сэнсе ахопу імі ўсіх важнейшых элементаў вывучаемай з'явы ці працэса.
Каб меркаваць аб ступені дакладнасці статыстычных крыніц, неабходна вызначыць
крыніцу іх паходжання: ці запазычаны яны з анкеты, што запаўнялася асобай,
зацікаўленай у выніках, ці яны атрыманы ад статыстыка, што абавязаны дакладна
запісваць вывучаемыя звесткі; дадзеныя збіраліся падрыхтаванымі спецыялістамі ці
выпадковымі асобамі, сярод якіх маглі быць і тыя, хто не меў элементарных ведаў
аб правілах статыстычнага ўліку, і ўрэшце, параўноўваемыя звесткі павінны быць
аднароднымі (параўноўвацца павінны аднародныя з'явы, працэсы, аб'екты па
пэўных, дакладна акрэсленых параметрах).
Фарміраванне статыстычных крыніц ўключае наступныя стадыі: 1)
падрыхтоўчая праца, збор звестак, 2) зводка першапачатковых дадзеных і
1
Для прыкладу, тэрытарыяльна-адміністрацыйныя змены БССР на працягу 1920-х гг. не даюць магчымасці
параўнаць многія звесткі. К статыстыцы сельскай гаспадаркі на працягу першай паловы ХІХ ст не
вызначалася дакладна, што разумеецца пад "неудобными" землямі, у статыстыцы прамысловасці --
паняцце "фабрыка".