Ад маскаля і паноў няма чаго спадзявацца, бо яны не вольнасці, а
глуму і здзерства нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзіраці,
бо мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб
дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымася
разам! А калі паны схочуць трымацца з намі, так няхай жа робяць па
святой справядлівасці, бо калі іначай - так чорт іх пабяры! Мужык,
пакуль здужае трымаці касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў
нікога ласкі прасіць не будзе».
Газета разляталася па ўсім абшары Беларусі, пашыралася на
Беласточчыне, Віленшчыне і Дзвіншчыне. Да канца 1862 года значным
накладам выйшла шэсць нумароў «Мужыцкае праўды».
«У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-
маскоўску, а то для таго, каб цябе саўсім перарабіці на маскаля... -
звярталася газета да простага люду. - За тое, што мы цару 25 лет на
войнах служым без людскай стравы і адзежы, мала таго, што не дае
шляхецтва, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, хаця цяжка
гаруючы, дабіціся да спакойнай смерці... А што грэху набярэшся перад
Богам, спрыяючы маскалю, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе француз даваці
вольнасць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і
нашу вольнасць і веру, а мы-то даем рэкрута, і нашымі грудзямі цар
маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунты... Ён-то,
перакупіўшы многа папоў... плаціў грошы, каб толькі пераходзілі на
праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую
уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі, а зрабіў гэта для таго, каб
мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў злітавання над намі».
Апошні, сёмы нумар «Мужыцкае праўды» пабачыў свет ужо ў часе
нацыянальна-вызвольнага паўстання. Тут гучыць адкрыты заклік да
змагання з расейскімі каланізатарамі:
«Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за
нашу вольнасць! Нас цар ніц не падмане - не падвядуць маскалі: няма
для іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя - нічога
не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з
віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі
да жонкі нашы, сцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне
нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі
дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасць,
якой не было нашым дзядам ды бацькам».
Прайшло больш за стагоддзе, але палымяны пратэст выдаўцоў
газеты супроць каланіяльнай палітыкі Расейскай імперыі, заклік здабыць
сапраўдную волю і незалежнасць не страцілі сваёй актуальнасці.
Невыпадкова поўныя тэксты «Мужыцкае праўды» ў Беларусі ўдалося
надрукаваць толькі ў 1988 годзе.
Уладзімір АРЛОЎ