1835. Адкрыццё Полацкага кадэцкага корпуса
Пасля скасавання Полацкай акадэміі, а потым і яе «спадкаемца» -
піярскага калегіума расейскія ўлады адчынілі ў старадаўніх езуіцкіх
мурах кадэцкі корпус. Афіцыйна такія корпусы былі сярэднімі
навучальнымі ўстановамі з ваенным рэжымам, з выпускнікоў якіх
камплектаваліся вайсковыя навучальні. На захопленых царызмам землях
яны, аднак, выконвалі значна большую ролю, служачы ідэі «русского
просвещения, русского патриотизма и русского дела».
Першы набор у корпус складаўся з 54 падлеткаў ва ўзросце ад
дванаццаці да чатырнаццаці гадоў. Першым дырэктарам быў удзельнік
штурму Полацка ў 1812 годзе генерал-маёр Павел Хвашчынскі, які
вызначаўся, між іншага, такім паталагічным антысемітызмам, што
меўся перагарадзіць прылеглыя да корпуса вуліцы кратаванымі
агароджамі, каб полацкія габраі нават не набліжаліся да кадэтаў.
Праграма заняткаў, апрача «фронту», улучала расейскую, французскую і
нямецкую мовы, закон Божы, арытметыку, алгебру, геаграфію,
гісторыю, чыстапісанне, маляванне, а таксама гімнастыку, фехтаванне,
танцы і спевы. Веды ацэньваліся па 12-бальнай сістэме. Кіраўніцтва
раіла педагогам звярнуць увагу на правільнасць чытання і маўлення,
«так как большинство поступивших детей из губерний белорусских с
грубым местным наречием».
Падзеі 1863 года, калі ў Беларусі пачалося нацыянальна-вызвольнае
паўстанне, засведчылі, што ў корпусе жыве дух вальнадумства і
патрыятызму. Некаторыя кадэты не вярнуліся з калядных вакацый і
далучыліся да інсургентаў. За 1863/64 навучальны год з корпуса выбыў
171 выхаванец пры агульнай іх колькасці 289. Большая частка,
мяркуючы па афіцыйных справаздачах, пакінула Полацак з прычыны
пераводу ў іншыя ўстановы або «по домашним обстоятельствам», «за
неуспехи» і «за дурное поведение». Безумоўна, за гэтымі словамі часта
хавалася сувязь з паўстаннем. У Пецярбурзе было нават пастаўленае
пытанне аб расфармаванні корпуса.
У 1865 годзе Полацкі кадэцкі быў пераўтвораны ў ваенную гімназію,
якая праіснавала да 1882-га. Выпускнікі такіх гімназій працягвалі
вучобу ў вайсковых навучальнях. Разам з агульнаадукацыйнымі
дысцыплінамі ў пералік абавязковых заняткаў уваходзілі шыхтовая
падрыхтоўка, плаванне, танцы, спевы, музыка і розныя рамёствы
«полезные в смысле педагогическом». У апошнім, сёмым, класе
гімназістам выдавалі стрэльбы. Паводле матэрыялу рэвізіі, у першы
навучальны год гімназія налічвала 333 выхаванцы ва ўзросце ад дзевяці
да васемнаццаці гадоў: 221 праваслаўны, 109 каталікоў, 18 лютэранаў,
двое армянаў і адзін мусульманін.
Шэраг неардынарных падзей корпуснага летапісу прыпадае на
пачатак 1900-х гадоў. У расейска-японскую вайну сухапутнаю абаронай
абкружанага японцамі Порт-Артура камандаваў адзін з