10 чэрвеня 1812. Адкрыццё Полацкай акадэміі
12 студзеня 1812 года імператар Аляксандар у выніку намаганняў
духоўных і свецкіх колаў Беларусі выдаў указ: «Во уважение
представленного Нам желания Белорусского дворянства и пользы для
наук от соревнования между несколькими училищами равной степени,
признали Мы за полезное возвести Полоцкую иезуитскую коллегию на
степень Академии с присвоением ей преимуществ, дарованных
Университетам».
Адкрыццё акадэміі адбылося 10 чэрвеня, перад самым пачаткам
напалеонаўскага паходу. У сувязі з вайной заняткі пачаліся толькі 8
студзеня 1813 года. Студэнтаў чакалі тры факультэты: тэалагічны, моваў
і літаратур, філасофіі і свабодных навук. У дадатак да дысцыплінаў, што
ўваходзілі ў праграму калегіума, тут вывучалі дастасоўную матэматыку,
хімію, заалогію, батаніку, мінералогію, трыганаметрыю, палітычную
эканомію і статыстыку, права. На філалагічным факультэце выкладаліся
такія мовы і створаныя на іх літаратуры, як лацінская, грэцкая,
старагабрайская, польская, расейская, французская, нямецкая,
італьянская, арабская і сірыйская. Курс той ці іншай мовы вёў педагог,
для якога яна была родная.
У друкарні ці, дакладней, у выдавецтве, што дзейнічала пры
акадэміі, выходзілі падручнікі па замежных мовах, матэматыцы,
паэтыцы і рыторыцы. Тут друкаваліся навуковыя трактаты, календары і
літаратурныя зборнікі. У Полацку пабачылі свет «Слоўнік
старажытнасцяў» і «Лацінска-польскі лексікон», былі перавыдадзеныя
творы Фэдра, Цыцэрона, Тыбула, Непота ды іншых антычных і новых
аўтараў. Ад 1818 да 1820 года выходзіў ілюстраваны літаратурна-
навуковы часопіс «Месячнік Полацкі», што меў шэсць аддзелаў:
літаратуры і свабодных навук, маральна-філасофскі, фізічна-
матэматычны, гістарычны, крытыкі і літаратурных навін.
За гады свае дзейнасці (1787-1820) полацкая друкарня выдала
больш за паўтысячы кніг на дзесятку моваў, у тым ліку на жамойцкай і
латышскай. Па-беларуску выпускаліся зборнікі духоўных песняў.
40 000 тамоў налічвала акадэмічная бібліятэка. Папаўняліся
экспанатамі музей і карцінная галерэя. Полацкай альма-матэр
падпарадкоўваліся ўсе езуіцкія калегіумы і школы Расейскай імперыі,
якія існавалі тады (апрача Полацка) у Пецярбурзе, Віцебску, Воршы,
Магілеве, Амсціславе, Чачэрску, Клімавічах, Рызе, Астрахані, Адэсе,
Саратаве. Акадэмія мела 600 студэнтаў і 40 прафесараў і пачынала
рабіцца годнай канкурэнткаю Віленскага ўніверсітэта. Захаваліся
звесткі пра зварот полацкіх айцоў-езуітаў да рымскага папы з
прапановаю ўвесці выкладанне па-беларуску.
Са сценаў акадэміі пачалі свой шлях гісторык, археолаг і этнограф
Канстанцін Тышкевіч, філосаф Анёл Доўгірд, астраном і філосаф Якуб