Мн.: Мастацкая літаратура, 1993. — 193 с.
Жанчына — пяшчотнае, слабае стварэнне, дэкаратыўная кветка, якая
вырошчваецца ва ўмовах раскошы і бяздзейнасці, якой можна
ганарыцца, паказваючы яе саноўным гасцям у час баляў і прыёмаў.
Такой ва ўяўленні нашых продкаў павінна быць шляхцянка. Жанчына —
гэта дамаседка, клапатлівая гаспадыня, маці і паслухмяная жонка.
Такой хацелі бачыць продкі прадстаўніцу ніжэйшых саслоўяў. Такой
павінна была быць і Саламея Русецкая. Аднак жыццё распарадзілася
па-свойму.
Пасля сябе Саламея Пільштынава-Русецкая пакінула надзвычай цікавы
ўзор эпісталярнай спадчыны - дзённік-кнігу "Авантуры майго жыцця"
(на польскай мове), падрыхтаваную для друку. У ім - успаміны і
ўласныя разважанні наконт тагачасных падзей, цікавыя
замалёўкі-партрэты людзей, якія сустракаліся ў час яе вандровак па
краінах Захаду і Усходу. Шмат месца ў кнізе адведзена апісанню
побыту і нораваў розных народаў, выкладзены метады лячэння розных
хвароб. Лекарка шмат у чым абапіралася на здабыткі народнай
медыцыны, распаўсюджвала вучэнне пра гігіену і фізічнае выхаванне.
Усё гэта ў сукупнасці з дасягненнямі фармакалогіі і хірургіі таго
часу стварала бездакорную сістэму, у адпаведнасці з якой працавала
Саламея Русецкая - "доктар медыцыны і акулістыкі", як яна сама сябе
называла.