Нарматыўны даведнік. — Мінск: Тэхналогія, 2003. — 610 с.
Геаграфічны паказальнік — найважнейшы элемент археаграфічнага
выдання, а найважнейшае ў гістарычнай картаграфіі — лакалізацыя
айконімаў і іншых геаграфічных назваў. Без даведнікаў мясцовых
найменняў выкананне гэтых задач немагчымае. У 1981 г. выйшаў
доўгачаканы слоўнік назваў населеных пунктаў Беларусі ў шасці тамах
па ўсіх абласцях[1], які ўжо столькі гадоў задавальняе патрэбы
карыстальнікаў розных профіляў ад гісторыкаў да працаўнікоў
афіцыйных устаноў. Якая была патрэба ў падрыхтоўцы і выданні
даведніка? (У далейшым для зручнасці і кароткасці мы будзем
карыстацца назвамі „слоўнік — для выдання Я. Рапановіча, „даведнік
— для рэцэнзаванага выдання). Ну, найперш тая акалічнасць, што за
час, які прайшоў з выхаду ў свет слоўнікаў Рапановіча, апошнія
сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Акрамя таго, за гэты самы час у
сістэме населеных пунктаў краіны ў выніку знікнення адных і
перайменавання другіх адбыліся пэўныя змены, якія даведнік і
рэгіструе.
Даведнік захоўвае пераемнасць у падыходах да ўнармавання беларускай
айканіміі, ужытых у слоўніку Я. Рапановіча. Пры гэтым, паводле
вызначэння саміх укладальнікаў, гэта даведнік новага пакалення.
Важна найперш тое, што даведнік рэгіструе змены, якія адбыліся ў
складзе беларускіх айконімаў з часу выхаду ў свет слоўніка Я.
Рапановіча. У адрозненне ад слоўніка, які ўяўляе сабой у аснове
сваёй тэзаўрус назваў населеных пунктаў, новае выданне
кваліфікуецца як нарматыўны даведнік, г.зн. тут, акрамя падачы
спісу назваў, звернута ўвага на нарматыўны бок іх падачы з улікам
перагляду традыцый.