"Калі я праглядаю свае нататкі пра расследаванні Шэрлака Холмса
паміж 1882 і 1890 гадамі, то знаходжу столькі ўсяго дзіўнага і
цікавага, што пачынаю вагацца, якія з іх выбраць, на якіх спыніцца.
Некаторыя справы ўжо вядомыя шырокай публіцы з газетаў, іншыя ж не
выяўляюць належным чынам тых адмысловых здольнасцяў, якімі ў
найвышэйшай ступені валодае мой сябар і якія акурат і робяцца
добрым матэрыялам для прэсы. Некаторыя справы завялі ў тупік нават
яго аналітычны розум — яны маглі б зрабіцца апавяданнямі з
пачаткам, але без канца, іншыя былі расследаваныя толькі часткова,
і іх разгадкі грунтуюцца хутчэй на гіпотэзах і падазрэннях, чым на
такіх дарагіх яго сэрцу лагічных доказах. Гэтая справа адносіцца
акурат да апошніх, аднак падрабязнасці яе такія дзівосныя, а вынікі
такія неверагодныя, што я насмеліўся апісаць яе нягледзячы на тое,
што ў сувязі з ёй засталося некалькі пытанняў, у якіх ніколі нельга
было — а верагодна, і нельга будзе ў далейшым — разабрацца да
канца."