Мінск: Логвінаў, 2011. — 192 с.
Людзі жылі розныя. I разумныя, і не вельмі. Як усюды. Толькі што
баяліся амаль усе, за рэдкім выключэннем. Чаго баяліся, нават не
ўсе маглі растлумачыць — ці то падвышэння коштаў на бензін і хлеб,
ці то вайны з Тумба-Юмбай і іншапланецянамі, ці то адмены канцэртаў
сваіх улюбёных музыкаў. Большая частка, праўда, баялася выключна
свайго ўрада, таго самага, які для народа і з народа. Беднаму
народу было страшна глядзець на чарговую тлустую падлу на
тэлеэкране, глядзець і разумець, што гэтая дзяржаўная дупа для яго
і з яго. "Адкуль?" - пытаў сам сябе народ і глядзеў у люстэрка. Тое
з абсалютным пастаянствам паказвала схуднелага чалавечка ў
зморшчынах, ну ніяк не падобнага да тых, каго чалавечак бачыў у
тэлескрыні. Заставалася толькі здзіўляцца, як гэтае маленькае і
худое магло спарадзіць тое агромістае і тлустае.